Все грани слова: министр информации Дмитрий Жук обсудил насущные вопросы с активом Союза писателей Беларуси
Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук абмеркаваў надзённыя пытанні з актывам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адбылася жывая і зацікаўленая гутарка, на якой прысутнічалі ...

Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук абмеркаваў надзённыя пытанні з актывам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адбылася жывая і зацікаўленая гутарка, на якой прысутнічалі члены прэзідыума грамадскага аб’яднання, старшыні секцый і абласных аддзяленняў, маладыя літаратары. Задача, якая стаіць перад пісьменнікамі, — простая і важная. Яна ідзе ад самога жыцця — захаваць і папулярызаваць літаратуру і беларускую мову, каб нашы дзеці і ўнукі не забыліся, адкуль яны і хто яны. Каб не забыліся на тое, што яны беларусы, пра гэта піша sb.by.

— У нас з вамі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская, — падкрэсліў міністр інфармацыі Дзмітрый Жук. — У карыстанні моладзі пераважна руская мова. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць гаджэты, дзе беларускае слова амаль не гучыць. Таму пісьменнікам трэба падумаць, як зрабіць літаратуру больш прывабнай для школьнікаў і студэнтаў. Варта працаваць над тым, каб літаратурнае беларускае слова, беларускасць сталі моднымі і элітарнымі ў грамадстве. Пісьменнікам нельга быць забранзавелымі, іх задача — зацікавіць маладых людзей, памножыць і перадаць дзецям здабытае папярэднімі пакаленнямі. Даволі простая філасофія.

Як гэта зрабіць? Тут ёсць некалькі варыянтаў. І ў першую чаргу размова пра сацыяльныя сеткі, якія амаль не выкарыстоўваюцца творчым саюзам. Час мяняецца і патрабуе новых падыходаў, адзначыў Дзмітрый Жук:
— Задумайцеся, што кожны з вас зрабіў, каб стаць папулярным, каб людзі ведалі і чыталі? У эпоху савецкай «адлігі» такія лідары феномена «стадыённай паэзіі», як Яўген Еўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі, Роберт Раждзественскі, ішлі ў залы і чыталі свае вершы са сцэны. Іх ведалі і любілі людзі, у тым ліку моладзь. А сённяшняя сцэна знаходзіцца па той бок экрана лічбавых прылад. Улічвайце гэта.
Дарэчы, па ініцыятыве і пад эгідай Міністэрства інфармацыі створаны аўдыягід па беларускай літаратуры — мабільны дадатак «Чытанка», які можна скачаць на асноўных платформах AppGallery, Google Play, App Store на сваім мабільным тэлефоне, планшэце ці камп’ютары. Галоўная мэта праекта — сабраць пад адной лічбавай вокладкай лепшыя ўзоры беларускай і сусветнай літаратуры, а таксама творы на рускай мове.

Разам з папулярызацыяй літаратуры Дзмітрый Жук узняў пытанне і яе якасці. Міністр акцэнтаваў увагу на павышэнні ўзроўню і прывабнасці літаратурнага слова: — Калі чытаеш верш — і ён не выклікае ніякіх эмоцый, гэта, пэўна, не зусім паэзія. Паэзія — гэта і пачуцці, і эмоцыі, і эстэтычная асалода. Няма дрэннай ці добрай кнігі — ёсць цікавая або не. А галоўнае, яна павінна кранаць. На сустрэчы ўздымалася пытанне далейшага лёсу газеты «Літаратура і мастацтва», а таксама літаратурных часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць». Напрыклад, падпіска на «ЛіМ» складае ўсяго 700 асобнікаў, прычым большасць падпісчыкаў — бібліятэкі. Выдаткі на выданне газеты дзяржава нясе вялікія. Таму лагічным рашэннем Міністэрства інфармацыі было далучыць «ЛіМ» да грамадска-палітычнай газеты «Звязда».
— Час дыктуе новыя метады распаўсюджвання, у тым ліку і друкаванага слова. «ЛіМ» застаецца самастойным сродкам масавай інфармацыі з пасведчаннем, але з 2027 года будзе выходзіць як укладка ў грамадска-палітычную газету, — патлумачыў Дзмітрый Жук. — Такім чынам, замест 700 асобнікаў тыраж літаратурнай газеты вырасце да 13 тысяч (агульны наклад «Звязды»). Як вынік, з вашымі прозвішчамі і творамі зможа пазнаёміцца больш шырокае кола людзей.

Што тычыцца часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць» — з 2027 года яны стануць штоквартальнымі. Кожны з іх будзе выдавацца як кніжка накладам не менш за тысячу асобнікаў і бясплатна распаўсюджвацца па бібліятэках. Прытым на кожны з гэтых часопісаў захаваецца магчымасць падпісацца.
Падсумоўваючы вынікі сустрэчы, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч палічыў слушным распрацаваць у грамадскай арганізацыі праграму па прапагандзе беларускай літаратуры сярод моладзі:
— Канкрэтныя прапановы і справы дазволяць яшчэ глыбей папулярызаваць літаратуру і беларускае слова ў грамадстве. Наогул, члены грамадскай арганізацыі, у тым ліку ў абласных аддзяленнях, стараюцца, пішуць цікавыя творы, выступаюць перад чытачамі, ладзіцца шмат мерапрыемстваў. Між тым на нашай сустрэчы ўзняты праблемы, якія існуюць. І іх трэба вырашаць, бо ад гэтага вырашэння залежаць адносіны творчых людзей з грамадствам, перадача спадчыны маладому пакаленню. Безумоўна, пісьменніку важна прысутнічаць на розных пляцоўках, у тым ліку ў сацсетках і сеткавай літаратуры, пры гэтым не адмаўляючыся ад папяровых фарматаў.

ДАРЭЧЫ
Разам з пашырэннем літаратурнага слова ў лічбавай прасторы пісьменнікі выказалі пажаданне, каб раённыя і абласныя друкаваныя выданні працягвалі практыку літаратурных старонак, якія маюць даўнюю традыцыю.






