В новый литературный сборник «Майстэрня пісьменніка. Паэзія» вошли произведения 20 молодых авторов
У Нацыянальнай бiблiятэцы выйшаў паэтычны зборнiк удзельнiкаў лiтаб’яднання «Майстэрня пiсьменнiка», што дзейнiчае пры Саюзе пiсьменнiкаў Беларусi. Кнiга ...

У Нацыянальнай бiблiятэцы выйшаў паэтычны зборнiк удзельнiкаў лiтаб’яднання «Майстэрня пiсьменнiка», што дзейнiчае пры Саюзе пiсьменнiкаў Беларусi. Кнiга адлюстроўвае жывы творчы працэс, якi зараз адбываецца ў беларускiм маладзёжным асяроддзi, i стала своеасаблiвай справаздачай аб дасягненнях маладых аўтараў. Укладальнiк — намеснiк старшынi Мiнскага абласнога аддзялення СПБ i кiраўнiк гэтага лiтаб’яднання Рагнед Малахоўскi.

Асаблiвую каштоўнасць кнiзе надае тое, што яна не проста прадстаўляе вершы, але i раскрывае гiсторыю стварэння самой творчай супольнасцi. У прадмове Рагнед Малахоўскi разважае пра ролю лiтаб’яднанняў у развiццi нацыянальнай культуры, нагадвае пра iх багатыя традыцыi ў мiнулым i паказвае працяг у сучаснацi. З прадмовы вядома: творчае асяроддзе дапамагае моладзi ўдасканальваць майстэрства, вучыцца ў старэйшых калег i знаходзiць аднадумцаў.
На старонках выдання згадваюцца iмёны моладзi, чые творы ўжо друкуюцца ў рэспублiканскiх выданнях, адзначаюцца iх поспехi ў конкурсах, удзел у культурных праектах i членства ў прафесiйных творчых арганiзацыях. Гэта наглядна паказвае, што «Майстэрня пiсьменнiка» стала эфектыўнай пляцоўкай для падтрымкi i развiцця талентаў. Варты ўвагi i выхаваўчы аспект праекта. Сустрэчы з вядомымi беларускiмi пiсьменнiкамi, рэдактарамi i журналiстамi спрыяюць пераемнасцi пакаленняў, дапамагаюць моладзi набываць неабходны досвед i лепш разумець патрабаваннi сучаснага лiтпрацэсу.
У кнiзе заявiлi пра сябе фельчар Максiм Хацкевiч, лiнгвiст Аляксандра Жалязнова, настаўнiк Мацвей Лiшын, фiлолагi Палiна Дваранская i Арсенiй Грода, журналiст Наталля Голубева, мастацтвазнаўца Ангелiна Байко ды iншыя маладыя творцы.
У кожнага з iх, як i ў iншых калег па пяры, упэўнены мастацкi голас, цвёрды намер на самаўдасканаленне, спелыя зярняты таленту, якiя абавязкова пры належнай працы дадуць якасны плён. Аўтары зборнiка — актыўныя ўдзельнiкi I Форуму маладых лiтаратараў, якi сёлета прайшоў у Мiнску, сабраў аўтараў з усiх рэгiёнаў краiны i намецiў значныя перспектывы.
Зборнiк пераканаўча сведчыць: беларускае паэтычнае слова працягвае развiвацца, а маладое пакаленне аўтараў упэўнена заяўляе пра сябе.
basikirskaya@sb.by



