воскресенье, 11 октября 2026 г.Москва
Eurasian Information AgencyЕвразийское информационное агентство Global Media Group
Культура

Какими песнями и приметами живет Новогрудский район? Узнайте в девятом выпуске проекта «Галасы вёсак»

Чаму трэба сварыцца, калі садзіш бульбу, і які свой закон у кожнай пары года і свая справа ў кожнага свята Навагрудчына — гэта зямля, дзе сама гiсторыя ...

Опубликовано
Какими песнями и приметами живет Новогрудский район? Узнайте в девятом выпуске проекта «Галасы вёсак»

Чаму трэба сварыцца, калі садзіш бульбу, і які свой закон у кожнай пары года і свая справа ў кожнага свята

Навагрудчына — гэта зямля, дзе сама гiсторыя праходзiла побач з чалавекам. Тут стаяў замак, якi памятае князёў i каранацыi, тут шумелi кiрмашы i гучалi песнi, якiя не змаўкаюць дагэтуль. Але велiч краю не вымяраецца аднымi мурамi i легендамi пра мiнулае. Яна захоўваецца ў непадробных вясковых галасах, у творах, што перажылi не адно пакаленне, у абрадах, якiя iснуюць да гэтага часу. У дзявятым выпуску праекта «Галасы вёсак» мы прыехалi на навагрудскую зямлю, каб пачуць iх. Слухайце галасы вёсак!

У нашага праекта — новая пляцоўка! Мы стварылі ТыкТок, дзе публікуем відэа з песнямі ў арыгінальным выкананні. Тое, што раней можна было толькі ўявіць, чытаючы газету, цяпер можна пачуць і ўбачыць. Далучайцеся!

@galasyvesak АГРАГАРАДОК БРОЛЬНIКI Дзверы ў восень Адно з самых значных свят восенi — Пакровы. Менавiта з гэтага дня ў Брольнiках пачынаўся асаблiвы час, калi працу на зямлi прыпынялi, а жыццё пераносiлася ў хату. Расказваюць пра гэта ўдзельнiкi фальклорнага аматарскага аб'яднання «Спадчына» пад кiраўнiцтвам Таццяны Гладкай: Юрый Дрозд, Iрына Бiрук, Алена Маляўская, Мiкалай Слiвец, Людмiла Харонжая, Людмiла Хiневiч, Зiнаiда Мазепа, Наталля Кушаль i Юрый Мiкiцiч.

Фальклорнае аматарскае аб'яднанне «Спадчына».
Фальклорнае аматарскае аб'яднанне «Спадчына».

— После Пакроў i вяселлi пачыналiся. Людзi адпачывалi, спявалi, — дадае Алена Маляўская.

* * *

Туман ярам, ярам-далiною*. За туманам нiчога ня вiдна. Толька вiдна дуба зелянога. Пад тым дубам крынiца стаяла, Там дзяўчына чысту воду брала. Упусцiла залато вядзерца. «А хто ж тое вядзерца дастане, Той са мною на рушнiчак стане». Адазваўся малады казача: «А я ж тое вядзерца дастану! Я й з табой на рушнiчак стану».

* Кожны радок паўтараецца двойчы.

— У нас на любое свята людзi стараюцца не працаваць, — кажа пра Пакровы Зiнаiда Мазепа. — Парадак у хаце зроблены, агарод прыбраны. Не мялi, не пралi. А есцi гатаваць, скацiну кармiць трэба.

Бо свята — гэта пра павагу да светлага дня ды да сябе. У хаце чыста, у печы нагатавана, а рукi адпачываюць ад штодзённай працы. I менавiта тады, калi ўсё зроблена, пачынаецца лiцца песня.

* * *

1. Жонка мужа не любiла, Тры дня ў печы не палiла*. 2. Тая печ акалела: Нiма дроў нi палена*. 3. Жонка мужа запрагае, У лес па дровы выязджае*. 4. Прыязджае да лесу. «Т-п-р, стой, бо павешу»*. 5. Сама дровы рубае, Воз вялiкi накладае, Пад гару сама сядае**. 6. «Цягнi, муж, не ўпiнайся, На мяне не спадзявайся»*. 7. Ой вы, хлопцы, тое знайце: I з пасагам не шукайце*. 8. Хто з пасагам жонку мае, На гарбу яе цягае*.

* Куплет пяецца па схеме: першы радок (два разы), другi радок (два разы), першы радок, другi радок (два разы). ** Куплет пяецца па схеме: першы радок (два разы), другi радок, трэцi радок, першы радок, другi радок, трэцi радок.

Адным з самых яркiх момантаў вяселля ў Брольнiках была вясельная брама. Рабiлi яе звычайна з бярозак, якiя звязвалi разам. Ставiлi браму суседзi i дружкi, каб маладыя прайшлi пад ёй i жыццё iх было шчаслiвае i заможнае. За гэтую браму патрабавалi выкуп, каб зайсцi за стол. Часцей за ўсё плацiў сват. Сустракалi маладых, канешне, песняй.

* * * 1. З-пад белага камушыка Вадзiца бяжала, Ой-ле, ой-ле, ой-лялюшкi, Вадзiца бяжала. 2. Там дзяўчына бель бялiла, Туга выжымала*. 3. Туга-туга выжымала Да й мiлога ждала*. 4. «Едзе-едзе мой мiленькi Да й на сiвым конi*. 5. На iм шапачка з ражкамi, Галоўка з кудрамi»*. 6. «Ой ты, любая дзяўчына, Выйдзi падзiвiся, Ой-ле, ой-ле, ой-лялюшкi, Хлопцу пакланiся». * Трэцi радок куплета — «Ой-ле, ой-ле, ой-лялюшкi», чацвёрты — паўтор другога радка.

Дзяўчаты вадзiлi карагод вакол iх, а потым перавязвалi ручнiком рукi маладым i падводзiлi да брамы. Там сустракалi, давалi пачаставаць адзiн аднаго караваем, свянцонай вадой i мёдам. Дарылi жартаўлiвыя падарункi, кожны са сваiм сэнсам:

♦ кавалак хлеба — каб маладая не хадзiла да суседа;

♦ кавалак глiны — каб у дачушкi былi губы як малiны;

♦ вяроўку — каб маладая любiла i паважала сваю свякроўку;

♦ нiткi — каб малады не паглядаў на чужыя лыткi;

♦ дугу — каб малады не хадзiў да другой;

♦ бярозавую рошчу — каб малады паважаў цёшчу;

♦ палена — каб малады цалаваў калена.

За брамай садзiлi маладых на перавернуты кажух. А яшчэ маладым трэба было выпусцiць са збана рыбку ў вадаём, каб дзяўчына хутчэй зацяжарнiчала. Пры гэтым спявалi:

* * *

Каля рэчанькi хадзiла малада, Мелку рыбiцу лавiла малада. Мелка рыбiца не ловiцца, Акунёчкi пападаюцца.

Быў i такi звычай: бяруць капеечкi i кiдаюць на блюдца. Капеечка цок — малады маладую цмок. Капеечка цок — маладая маладога цмок. Капеечка цок — сват сваццю цмок. I ўсе смяюцца, цалуюцца, вяселле гучыць на ўсю вёску.

Асобны дзень — пярэзвы. На пяты дзень пасля вяселля, калi маладая ўжо жыве ў хаце маладога, збiраюцца самыя блiзкiя i едуць туды адведаць, як дзяўчыне жывецца. Зноў садзяцца за стол, зноў гучаць песнi. Гэта быў момант, калi новая сям'я паказвае сябе, а родныя могуць пераканацца, што ўсё добра.

* ** «Мамачка, прыйшоў Сярожка, Пасядзiць са мною трошка, Хоча нешта мне сказацi, Не магу я адказацi». «Ой, дачушка, што ты, што ты, Не рабi ты баламуты! (2 разы) I ня ў чым ня вер яму ты». «Мамачка, хлуснi е трошка, У сельсавет заве Сярожка, Каб са мною запiсацца, Не магу я адказацца».

Вянок ад Сёмухi да Яна Калi на Сёмуху выганялi кароў на пашу, пастухi плялi для iх вянкi з маладых галiнак i кветак. Гаспадары выходзiлi сустракаць сваю карову ў абед. Давалi пастуху пачастункi, а з жывёлы здымалi вянок i закiдвалi яго на страху хлява, каб кароўка была здаровая i давала прыплод. Там упрыгажэнне вiсела да самага Купалля, калi яго спальвалi, каб усе хваробы i напасцi згарэлi разам з iм. Чаму Брольнiкi? Не заўсёды Брольнiкi звалiся так. Было гэта ў пару, калi на тутэйшыя землi прыйшлi крыжаносцы, а князь Мiндоўг трымаў у Навагрудку сваю крэпасць. Тады ў невялiкiм паселiшчы, сярод лясоў i балот, стаяла майстэрня. Там згатаўлялi бронi: сплаўлялi метал, кляпалi з яго панцыры, што павiнны былi баранiць воiнаў. Гулкiя ўдары молата аб кавадлу, iскры, што ўзляталi ў паветра, i слова «броня», якое чулася ў кожным куце. Адсюль i пайшла назва вёскi. АГРАГАРАДОК ВЯЛIКIЯ ВЕРАБ'ЕВIЧЫ Чаму камары куцю таўкуць Назва мясцовасцi паходзiць ад таго, што калiсьцi на беразе рэчкi было шмат вераб'ёў. Птушкi збiралiся ў такiя зграi, што, здавалася, яны тут гаспадары. У аграгарадку нас сустракае аматарскае аб'яднанне «Суседачкi», якое стварыла Нiна Антановiч, а цяпер працягвае Алена Чорная разам з Наталляй Нагулевiч, Таццянай Лiсоўскай, Верай Iвановай, Раiсай Жыдок i Валянцiнай Карповiч.

Аматарскае аб'яднанне «Суседачкi».
Аматарскае аб'яднанне «Суседачкi».

Тут, як i ў суседнiх Брольнiках, песня стала спосабам жыць, працаваць i шанаваць сваю зямлю. Першая песня, якую нам заспявалi, пра дзяўчыну, што пайшла жаць жыта, але знайшла сабе iншы занятак.

* * *

1. Пасылала мяне мацi Яравое жыта жацi*. 2. А я жыта не жала, У баразёнцы ляжала. 3. Баразёнка вузенька — Я не выспалася! 4. А я ўстала, раскапала I яшчэ паляжала. 5. Вунь я бачу iздалёка, Мой Мiкiта iдзе. 6. Мой Мiкiта iдзе I арэшкi нясе. 7. Я арэшкi лузгала I Мiкiту цалавала. 8. Летня ночка маленька — Я не выспалася. 9. А я ноч укарачу I да дня прытачу.

* Кожны куплет спяваецца па схеме: першы радок (3 разы) — другi радок (1 раз) — увесь куплет (1 раз).

Памiж песнямi размаўляем пра справы зямныя. Так, кажуць мае новыя знаёмыя, калi ў Вераб'евiчах пачыналi садзiць бульбу, насенне нiкому не давалi. Казалi: аддадзiм цябе — у нас звядзецца. Але на другi дзень можна было браць таго насення хоць воз. I яшчэ адна дэталь: калi садзiлi бульбу, то сварылiся. Кажуць, цераз гэта яна вялiкая будзе.

* * * 1. Закукавала сiва зязюля ў гаю. Ой, заплакала люба дзяўчына ў саду: Нашчо мяне ты пакiдаеш, Сваю кахану забываеш? Мiлы ты мой, а я навек твая*. 2. Ой, не плач, не плач, не журыся, дзяўчына (2 разы), Не возьмеш ты, так возьмуць людзi, А памiж намi любоў будзе. Мiлы ты мой, а я навек твая. 3. Не пакiдай мяне ў тым краю ты адну, Не пакiдай мяне ў тым краю, я люблю, Я без цябе жыцця не маю, Адна жыву ў чужым я краю. Мiлы ты мой, а я навек твая. 4. Сiва зязюля вечна кукуе ў гаю, Люба дзяўчына вечна плача ў саду, Ждзе яна свайго мiленькага, А ён ня вернецца дадому. Мiлы ты мой, а я навек твая. * Апошнiя тры радкi кожнага куплета паўтараюцца двойчы.

Ёсць песнi, якiя спяваюць, каб павесялiцца. А ёсць такiя, што спяваюць, каб не заплакаць. Гэтая — з другiх. Яна пра самае цяжкае: пра чаканне, якое не мае канца, i пра каханне, якое застаецца, нават калi ўсё астатняе знiкае.

* * *

Прыляцелi гусi з далёкага краю. Селi яны, палi на цiхiм Дунаю*. Пачакайце, гусi, я вас запытаю*. Цi з таго вы краю, зкуль мілога маю, Я й мiлога маю да не прычакаю*. Варажэйкi кажуць, ой, што я не плачу, Выйду на вулiцу — сцежачкi не бачу*.

* Гэты радок спяваюць двойчы.

Здаецца, ты чуў некаторыя песнi сто разоў. Але ў кожнай вёсцы яны гучаць па-свойму. Так здарылася i з творам пра зялёнае жыта. У Вераб'евiчах ён мае свой сюжэт, якi гучыць ад продкаў да сённяшняга дня.

* * * 1. «Зялёнае жыта, зялёна — Харошыя госцi ў мяне, Ой, зялёна жыта за сялом — Харошыя госцi за сталом*. 2. Не машы, Васiлё, рукою, Я не лягу спацi з табою. Ой, я лягу спацi з казаком Пад зялёным дубам-яром». 3. «А пад ярам вецер не вее, А пад ярам сонца не грэе, А пад ярам дробны дождж iдзе, Мая мiла замуж iдзе. 4. Ой, я стану-стану, падумаю, Што рабiцi, сам я не знаю. Ой, сяду паеду на каня, Прашчай-прашчай, мiлая мая!» * Апошнiя два радкi кожнага куплета паўтараюцца двойчы.

Колькi берагоў у вёсцы У вёску Каласоўку некалi прыйшло племя чужынцаў. Мясцовыя жыхары былi людзьмi гасцiннымi i добразычлiвымi, але прыняць прыхадняў не маглi: у iх была свая культура земляробства, чужымi звычаямi i iншымi звычкамi яны не падыходзiлi тутэйшым. I тады ўспомнiлi пра суседнюю вёску, што ў той час толькi пачынала забудоўвацца i мела шмат вольнай зямлi. Пагналi чужынцаў туды: iдзiце, маўляў, пасяляйцеся, жывiце побач.

Прышэльцы пагадзiлiся, паставiлi хаты, пачалi гаспадарыць. Але вось бяда: не маглi прыдумаць, як назваць сваё новае паселiшча. Доўга думалi, спрачалiся, пакуль не прыйшлi да суседзяў за парадай. Тыя паглядзелi на iхнiя двары, на зямлю i кажуць: вось у нас, калi паводка, вёска разлiваецца на два берагi, шырока i прывольна. А ў вас усяго на паўберага. Хай жа вёска будзе называцца Поўбераг. Мясцовыя прыметы ♦ Заяц з поля ляцiць цераз вёску — у якi бок паляцеў, там будзе пажар.

♦ Пастукаецца птушка ў акно — будуць госцi або пакойнiк.

♦ Глянеш у акно пасля Пакроваў, а там камары куццю таўкуць — цёпла будзе. Вераб'еўскi слоўнiк ♦ Веснiкi — калiтка.

♦ Дубэльты — другая аконная рама на зiму.

♦ Конаўка — кружка.

♦ Солянка — бульба ў чыгунку з соллю. АГРАГАРАДОК БЕНIН Прыйшоў Багач — кiдай капач Аграгарадок Бенiн часта блытаюць з афрыканскай краiнай. Гэта, бадай, адзiнае непаразуменне, якое тут можа здарыцца, бо ўсё астатняе ў гэтым кутку Навагрудчыны падпарадкавана свайму спрадвечнаму парадку. Удзельнiкi вакальнай групы «Надзея» Нiна Шунько (кiраўнiк), Валянцiна Цiхановiч, Валянцiна Дунай, Тамара Мацкевiч, Таццяна Попко, Галiна Арэхава, Таццяна Таргун i Зоя Балбатун ведаюць, што кожная пара года мае свой закон, а кожнае свята — сваю справу.

Вакальная група «Надзея».
Вакальная група «Надзея».

— Прыйшоў Багач — кiдай капач, бяры сявеньку i сей памаленьку! — усклiкае Таццяна Таргун.

Да Багача агароды павiнны былi быць убраныя, а да Пакроваў — вокны вымытыя. Таксама пасля 14 кастрычнiка пачыналася падрыхтоўка да вяселляў. I цягнулася гэтая пара да 28 лiстапада, бо далей пачынаўся пост — i нiякiх гучных свят ужо не магло быць.

Калi дарылi грошы маладым, клалi iх на талерку. Потым трэба было гэтыя грошы завязаць у хустку, каб маладая пасядзела. А калi нявесту выпраўлялi з бацькоўскай хаты, рабiлi гэта так, быццам яна ўжо нiколi не вернецца.

* * * 1. Калi б я нi ехала, калi б я нi шла, А я ж табе, мамачка, не кланялася. Кланяюся табе, мама, Што была ў цябе прыбрана. Больше не буду, больше не буду я*. 2. Калi б я нi ехала, калi б я нi шла, А я ж табе, татачка, не кланялася. Кланяюся табе, тата, За тваю багату хату. Больше не буду, больше не буду я. 3. Калi б я нi ехала, калi б я нi шла, А я ж да суседзей не кланялася. Кланяюся вам, суседзi, Што былi вы на бяседзе. Больше не буду, больше не буду я. 4. Калi б я нi ехала, калi б я нi шла, А я ж вам, таполi, не кланялася. Кланяюся вам, таполi, Нагулялась я на волi. Больше не буду, больше не буду я. * Апошнiя тры радкi кожнага куплета паўтараюцца двойчы.

Гэтая песня — апошнi паклон перад тым, як зачыняцца дзверы роднай хаты. Бацька браў пугу, якой пасвiлi кароў, i тры разы бiў ёю па зямлi, каб дачка жыла сто гадоў i да хаты не вярнулася.

photo

Але не ўсё ў жыццi было сур'ёзным. Былi i вячоркi з танцамi i музыкай. Танцавалi ўсе, хто ўмеў. А хто не ўмеў, на вячоркi не прыходзiў, бо няёмка было стаяць ля сцяны! Вучылiся танчыць з маленства, каб потым не саромецца.

* * * 1. Ажанiўся стары дзед, узяў дзеўку дваццать лет*. (Рэфрэн:) Ой-да, ой-да, ой-да-да. 2. Сталi класцiся ўжо спаць, а старога не вiдаць. 3. Адзываецца ён iз печы: «Я пагрэю сабе плечы». 4. «Пагрэй плечы, пагрэй спiну, а я выйду на хвiлiну». 5. Толькi дзверы адчынiла — там чакае ўжо Данiла. 6. Цалавалiся на ганку, дзед на печы спаў да ранку. * Кожны куплет паўтараецца двойчы па схеме: куплет — рэфрэн — куплет — рэфрэн.

Як i пра вяселле, пра смерць у вёсцы гаварылi без страху i без прыкрас. Яна была такой жа часткай жыцця, як нараджэнне цi жнiво. I рыхтавалiся да яе таксама па-гаспадарску.

— Калiсьцi бабуля маёй свякровi казала: «Пара мне замуж за Пясэцкага», — успамiнае Тамара Мацкевiч. — Думаю: бабулi за 80 год, куды ж яна збiраецца? А Пясэцкi — гэта пясок, магiла.

Па звычаях, пакойнiк павiнен быў дзве ночы пераначаваць у хаце. Труну рабiлi самi. Калi хата была далёка, везлi на конях, калi блiзка — неслi на плячах. Наперадзе iшлi малыя дзецi з кошыкамi i раскiдвалi яловыя галiнкi — гэта «апошнi шлях», каб нябожчыку было мякка iсцi. Самы стары жыхар вёскi нёс крыж. З могiлак першым выходзiў самы стары чалавек, а маладыя iшлi апошнiмi.

Для цяжарных было сваё правiла: калi пакойнiка выносiлi з хаты, яны не павiнны былi знаходзiцца ў памяшканнi, трэба было выйсцi на двор. I каб на iх была чырвоная стужка — абярэг для дзiцяцi, якое яшчэ не нарадзiлася. А калi ў хаце былi малыя, iх старалiся не дапусцiць да сну ў гэты момант. Або клалi пад падушку нож, каб нядобрае не прыйшло ў сон. Праз акно на пакойнiка не глядзелi. Хто хацеў развiтацца — выходзiў на вулiцу.

За памiнальным сталом таксама быў парадак: у цэнтры сядзелi старэйшыя, блiжэй да краю — малодшыя. Дзяцей за стол не садзiлi. Лава, на якой стаяла труна, мела сваю сiлу. На яе потым лажылiся, каб спiна не балела. Казалi, што гэта дапамагае, бо лава, якая патрымала цяжар смерцi, можа забраць i цяжар болю. Прыкметы з Бенiна ♦ Калi на канец верасня лiсце з вiшнi не апала, зiма будзе не хутка.

♦ Калi бяроза жаўцее зверху, будзе позняя зiма.

♦ Калi жураўлi ляцяць i кружацца — да пакойнiка.

♦ Калi рыжы кот прыб'ецца да хаты — гэта да грошай. Легенда пра каменны брод За вёскай было возера. Людзi вадзiлi туды пасвiцца кароў, i здавалася, што нiчога дрэннага тут нiколi не адбудзецца. Але аднойчы прыйшла вялiкая вада, што ўсё жывое на сваiм шляху забiрала з сабой. Адна жанчына з немаўлём на руках паспела кiнуцца ўцякаць. Сэрца яе калацiлася так, што чулася ў кожным кроку. I тады, сярод гэтага жаху, пачулася ёй: «Ты ўцякай, да не аглядайся назад».

Яна дабегла. Выбiлася на сухое месца i абярнулася ўсяго на iмгненне, на адзiн позiрк назад, каб пабачыць, што пакiнула за спiной. У тую ж хвiлiну скамянела.

Кажуць, камень той доўга стаяў за вёскай. Яго бачылi ўсе, хто пасвiў там кароў. А возера, што ляжыць паблiзу вёскi, сталi зваць Каменны брод. Бенiнскi слоўнiк ♦ Драпцы — матыка.

♦ Зуслончык — маленькi стульчык.

♦ Бармакi — вiлы з тупымi канцамi, каб браць бульбу.

♦ Апалкi — тоўстыя аладкi. Так заканчваецца наша вандроўка па Навагрудчыне. Тры вёскi, тры розныя сустрэчы, але адно агульнае пачуццё: тут яшчэ помняць, як жыць па-сапраўднаму. Гэтыя веды перадаюць з вуснаў у вусны, i пакуль яны гучаць, жыве i край. Праект «Галасы вёсак» працягваецца, а мы чакаем вашых запрашэнняў, бо Беларусь вялiкая i спеваў, вартых таго, каб iх пачулi, яшчэ шмат! grudnitskiy@sb.by

Источник: СБ. Беларусь сегодня ↗

Поделиться

По теме

Мода как дипломатия: в Русском доме в Минске прошла презентация EIA GMG и вечер стиля и женских инициатив
КультураМода как дипломатия: в Русском доме в Минске прошла презентация EIA GMG и вечер стиля и женских инициатив

Минск стал точкой притяжения для мира моды, медиа и общественной дипломатии. В пространстве Русского дома — Российского центра науки и культуры — состоялась презентация Евразийского информационного агентства Global Media Group (EIA GMG).

EIA Staff
Фестиваль грузинской культуры «Тбилисоба» пройдет в Минске 3 октября
КультураФестиваль грузинской культуры «Тбилисоба» пройдет в Минске 3 октября

Фестиваль грузинской культуры «Тбилисоба» возвращается в Минск после семилетнего перерыва. Мероприятие пройдет 3 октября на площадке у Дворца ...

Татьяна Трояновская
Показ бренда Mmé стал одним из ярких событий первого дня Московской недели моды
КультураПоказ бренда Mmé стал одним из ярких событий первого дня Московской недели моды

Москва. Показ постоянного участника проекта — бренда Mmé — стал одним из самых заметных событий первого дня Московской недели моды.

EIA Staff
Брифинг EIA

Продолжайте читать каждое утро.

Истории, которые важны, отобранные нашими редакторами и в вашем почтовом ящике до 7 утра — каждый будний день.

Без спама. Отписаться можно в любой момент.