Сто лет назад «Беларуская вёска» начала издавать литературно-художественный журнал «Чырвоны сейбіт»
Сей, вольны сейбiт, Сей свой палетак! З верша Янкi Купалы, прысвечанага пяцiгоддзю «Беларускай вёскi» Велiч эпохi вызначаюць постацi яе ...

Сей, вольны сейбiт, Сей свой палетак!
З верша Янкi Купалы, прысвечанага пяцiгоддзю «Беларускай вёскi»
Велiч эпохi вызначаюць постацi яе сучаснiкаў. Аўтарытэт друкаванага выдання ўсталёўваюць асобы, якiя прыклалi намаганнi да яго станаўлення. «Сельской газете» ёсць чым ганарыцца. Ужо ў першыя гады iснавання (пад тагачаснай назвай «Беларуская вёска») яна стала сакавiтай глебай для росквiту айчыннага культурнага жыцця. Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапiва i iншыя ўжо знакамiтыя аўтары часцяком давяралi выданнi сваiх новых твораў нашай газеце. Нацыянальным класiкам было нават цесна ў сцiплых межах звычайных чатырох старонак. На месцы справа доўга не марудзiлася. У кастрычнiку 1926 года «Беларуская вёска» значна пашырыла свае лiтаратурныя палеткi — да ўвагi чытачоў быў прадстаўлены лiтаратурна-мастацкi дадатак «Чырвоны сейбiт».

I сiлы народныя… Кастрычнiцкая рэвалюцыя 1917 года адчынiла перад беларускiм народам шырокiя магчымасцi. Да будаўнiцтва новай рэчаiснасцi рушылi разам сяляне, рабочыя i нацыянальная iнтэлiгенцыя. Энтузiязм — адзiн з сiмвалаў эпохi — закрануў i культурныя бакi вясковага жыцця. «I сiлы народныя не абмiнулi й таго, каб выявiцца i ў мастацкай творчасьцi, у пiсаньнi вершаў, апавяданьняў, баек i iнш. Цэлыя горы такiх вершаў, што надсылаюцца ў рэдакцыi з беларускiх вёсак, кажуць аб вялiкiм уздыме сялянскай моладзi i вялiкiм яе iмкненьнi да творчасьцi, iмкненьнi свае сiлы i энэргiю аддаць на агульную справу будаўнiцтва новага жыцьця i культуры», — сведчыў «Чырвоны сейбiт» у тытульным артыкуле першага нумара.
Гэта быў сапраўды народны рух. Але каб не страцiць творчую энергiю сялянскай моладзi, трэба было накiраваць яе ў патрэбным рэчышчы. «Беларуская вёска» крочыла ў нагу з часам, збiрала пад свае крылы таленавiтых маладых аўтараў. Айчыннай школы журналiстаў яшчэ не iснавала, наогул штатных супрацоўнiкаў можна было пералiчыць па пальцах, затое рэдакцыя штодня атрымоўвала шмат лiстоў ад селькараў з усёй рэспублiкi. Неўтаймаваны струмень карэспандэнцыi нагадваў сапраўдную навалу. Кожны пiсьменны i неабыякавы чалавек iмкнуўся данесцi свае назiраннi i думкi да iншых. Лепшай магчымасцi, чым зрабiць гэта праз газету, не было.
Творчаму iмпэту моладзi першай паловы ХХ стагоддзя пазайздросцяць нават сучасныя блогеры. Адзiн з першых супрацоўнiкаў «Беларускай вёскi» Алесь Матусевiч узгадваў, што толькi ён меў 70 (!) тэчак, куды раскладваў дасланыя матэрыялы па розных пытаннях. З усiм гэтым папяровым стосам трэба было, прынамсi, азнаёмiцца. Галава, пэўна, iшла кругам! Селькары эпiтэтаў ды чарнiла не шкадавалi: шмат хто з пачынаючых аўтараў марыў надалей аб кар'еры паэта цi пiсьменнiка.

Ганарар вышлiце «Але як кожны рух i кожная справа, так i гэты ўздым i велiч iмкненьня да творчасьцi мае i свой адваротны бок. Гэтым адваротным бокам ёсьць наша агульная някультурнасьць, сьпешна i не заўсёды сур'ёзныя адносiны да сваёй пiсанiны, якая выдаецца за вершы або апавяданьнi. У гэтым, ёсьць ведама, ня столькi загана, колькi наша агульная бяда. Кожнаму хочацца, каб як найхутчэй нагнаць тое, што было ўтрачана за часы шматвяковага паднявольнага жыцьця да рэволюцыi. А патрэбы зараз вялiкiя. Гаспадарку трэба ўзьнiмаць. Культуру таксама. А тут яшчэ шмат няпiсьменнасьцi», — чытаем на старонках першага нумара «Чырвонага сейбiта». Дзеля гэтых па-юнацкi шчырых творчых натхненняў i пачаў выходзiць дадатак.
Што казаць, неўтаймаваны азарт тады, як i сёння, праз стагоддзе, на iнтэрнэт-старонках, далёка не заўсёды падмацоўваўся адпаведнымi талентамi i ведамi. Пераважная большасць твораў, што траплялi ў рэдакцыю, вызначалася сваёй няшчырасцю, падробленасцю пад раней друкаванае. Катастрафiчна бракавала арыгiнальных думак i тэм. «Бадай што чацьвёртая частка ўсiх вершаў прысьвечана апiсаньню п'янства i яго вынiкаў у розных праявах», — з сумам канстатаваў «Чырвоны сейбiт».
Вядома, п'янства, як i iншыя жыццёвыя нягоды (хваробы, ашуканства, дрэнныя працаўнiкi i г. д.), турбавала шмат каго на вёсцы, але часцяком мэты творчасцi хавалiся ў прыпiсцы: «Гонорар вышлiце...» Адукаваныя сяляне з вясковай кемлiвасцю меркавалi раз-пораз зарабляць на друкаваных радках, бо прастадушна лiчылi, што «тварыць поэзiю, мастацтва лягчэй за ўсё, што пiсаць вершы можна й без належнай навукi». Чым корпацца ў гародзе цi на калгаснай нiве, я лепш складу вершык! Пагаворыць, падбадзёрыць, i нiбы сiл у цябе прыбавiлася ўдвая З першага нумара «Чырвоны сейбiт» даваў шыкоўную магчымасць, з аднаго боку, друкавацца таленавiтым вясковым хлопцам, а з другога — тлумачыў маладым аўтарам, што «праца ў галiне поэзii вымагае сталага падыходу i сталых адносiн». Паэт Уладзiмiр Дубоўка пiсаў аб гэтай стратэгiчнай ролi так: «У далейшым трэба даць шэраг практычных парад наконт пiсаньня вершаў, апавяданьняў i г. д. Пажадана, каб рэдакцыi ўважна сачылi за друкаваньнем лiтаратурнага матар'ялу, прымаючы пад увагу, што вясковыя песьняры глядзяць на гэты матар'ял, як на ўзор, вучацца на iм тварыць самi».
Вучыцца сапраўды было варта i было ў каго. Вось як праз гады ўзгадваў аб гэтым пiсьменнiк Алесь Пальчэўскi: «Для нас, вяскоўцаў, газета была вялiкiм аўтарытэтам... Пiсаў я тады ў газету многа. Пiсаў пад псеўданiмам Алесь Вясковы. У той час упершыню паспрабаваў я пяро i ў лiтаратуры. I, можна сказаць, газета дала мне ў гэтым сэнсе пуцёўку ў жыццё. Нiколi не забыць мне, з якой увагай, чуласцю ставiўся да нас, пачынаючых аўтараў, Кузьма Чорны. Непрыемную праўду ён мог сказаць у вочы так, каб не пакрыўдзiць. Пагаворыць, падбадзёрыць, i нiбы сiл у цябе прыбавiлася ўдвая».
Сапраўды, вакол «Беларускай вёскi» на пачатку яе iснавання гуртавалiся як ужо дасведчаныя, так i зусiм яшчэ маладыя пiсьменнiкi. Маленькi, але вельмi моцны творчы калектыў узначальваў Радзiвон Шукевiч-Траццякоў. Постаць сёння амаль невядомая шырокаму колу чытачоў. Але ў тыя гады ён меў высокi статус у грамадскiм i палiтычным жыццi Савецкай Беларусi. Сярод шматлiкiх даручаных яму пасад асаблiва трэба вызначыць працу старшынёй галоўнага ўпраўлення па справах лiтаратуры i мастацтва БССР.
Непасрэдна ў «Беларускай вёсцы» Шукевiч-Траццякоў браў на сябе адказнасць за творчыя эксперыменты маладых лiтаратараў, але ўважна сачыў, каб развiццё талентаў крочыла ў кiрунку патрабаванняў часу. Асабiстае знаёмства з Якубам Коласам i iншымi творчымi дзеячамi адчыняла дзверы i старонкi выдання для прыжыццёвых класiкаў айчыннай лiтаратуры, што вельмi прываблiвала амбiцыйную моладзь. Лiтаратурныя неафiты бегалi ў рэдакцыю ледзь не кожны дзень. «Ну, што скажаш, Змiтрок?» Пра гэтыя незабыўныя днi ва ўспамiнах узгадваў Пятро Глебка: «Так помнiцца ўсё, быццам учора было. Маленькi рэдакцыйны пакойчык. За сталом Чорны. Бядуля. Вакол маладыя паэты: Максiм Лужанiн, Паўлюк Трус, я (з Паўлюком мы тады займалiся ў Мiнскiм педтэхнiкуме), iншыя хлопцы. Хвалюемся, чытаем свае вершы. З трапяткой увагай слухаем, што скажуць старэйшыя. Чорны нахiляецца да Бядулi: «Ну, што скажаш, Змiтрок?» — «Скажу табе, братка, — кажа той, — не вельмi вялiкi клёк, але хто яго ведае, што з гэтага хлопца будзе…»
З асаблiвай цеплынёй праз паўстагоддзя ўспамiнаў асабiста пра Чорнага пiсьменнiк Макар Паслядовiч: «У рэдакцыi была выключная творчая атмасфера, прычым вельмi добразычлiвая. Вялiкай душы чалавек быў Кузьма Чорны. Калi бачыў ён, што ў аўтара нешта атрымоўваецца, дык паджучваў абавязкова напiсаць яшчэ. Мог сядзець да паўночы з чалавекам i дапамагаць, калi не выходзiць якi-небудзь матэрыял. Я цяпер успамiнаю тую пару i дзiву даюся, з якой прагнасцю цягнулiся людзi да святла, да жывога слова, якой любоўю ў народзе карысталiся нашы пiсьменнiкi».
У «Чырвоным сейбiце» змяшчалiся творы Купалы, Коласа, Крапiвы, Чорнага, Бядулi… Значнае месца адводзiлася маладым талентам, якiя на старонках дадатку дэбютавалi перад чытачамi. Пад псеўданiмамi друкавалiся вершы i проза, якiя рэдакцыя атрымоўвала з Заходняй Беларусi. Лiтаратурная крытыка разглядала новыя творы i аналiзавала розныя плынi культурнага жыцця. Рэдактар «Беларускай вёскi» Шукевiч-Траццякоў вёў рубрыку «Культурная хронiка» i рабiў агляд новых беларускiх выданняў. Даволi хутка сцiплы дадатак набраў вагi i пераўтварыўся, па сутнасцi, у сапраўдны лiтаратурны часопiс. «З усiх сёл па сабаку» Кузьма Чорны, адзiн з самых даседжаных супрацоўнiкаў рэдакцыi, ужо аўтарытэтны пiсьменнiк, так акрэслiваў сваё бачанне новага праекта: «Чырвоны сейбiт» я разглядаю як часопiсь, якая павiнна мець дзьве асноўныя задачы: паводле сваiх тэхнiчных магчымасцей знаёмiць вёску з дасягненнямi нашай лiтаратуры i з лiтаратурным жыццём — i з вялiкага лiку дапiсчыкаў, якiя спрабуюць пiсаць лiтаратурныя творы, дапамагчы выявiцца сапраўдным паэтам i пiсьменнiкам. Матэрыяльна-тэхнiчныя ўмовы не дазваляюць пакуль як бы належна выканаць першую задачу, якая вельмi дапамагла-б зьдзяйсьненьню другой».
Як бачым, звыклая праблема — вольнае месца ў газеце — i тады даймала творчы люд. А вось шматлiкiм аўтарам, якiя проста бамбавалi сваiмi творамi рэдакцыю, сто гадоў таму прычапiлi даволi трапную мянушку — дапiсчыкi.
Безумоўна, не кожнаму селькару шанцавала на асабiстыя лiтаратурныя ўрокi Чорнага цi Бядулi ў сценах рэдакцыi. А лiсты iшлi. Поўныя саматужных апавяданняў i вершаў. Вядома, не было анiякай магчымасцi, нягледзячы на ўсе просьбы, даць абгрунтаваны адказ кожнаму паасобку.
Каб хоць трохi навучыць дапiсчыкаў мастацтву стварэння лiтаратурных твораў, Кузьма Чорны напiсаў некалькi артыкулаў, у якiх паспрабаваў растлумачыць асновы пiсьменнiцкага мастацтва: як шукаць тэму, як будаваць сюжэт, на што варта звяртаць увагу, а што сапсуе нават самую цiкавую iдэю.
Нягледзячы на зусiм юны паэтычны стаж, Пятро Глебка атрымаў даручэнне рабiць агляды дасланых вершаў. Працы было вышэй даху. Толькi за першы год выдання «Чырвонага сейбiта» на рэдакцыйны адрас прыйшло каля тысячы вершаў ад 185 аўтараў. Колькасць сур'ёзна прайгравала якасцi. «Трэба яшчэ сказаць некалькi слоў пра мову i граматыку гэтае пiсанiны. Здавалася-б, што паколькi гэтыя дапiсчыкi жывуць у вёсках (у большасцi), сярод беларускага сялянства, дык мова iх павiнна быць чыстаю, прыгожаю, народнаю, аднак выходзiць iначай. За малым выключэннем, мы сустракаем калечаную беларускую мову, — бедаваў малады Глебка. — Наогул у лiрычных вершах вясковых аўтараў часта зусiм няма суцэльнай тэмы, а ёсць урывачкi, словы пра ўсё i ўся, як кажуць, з усiх сёл па сабаку».
Будучы акадэмiк вёў быццам школьныя ўрокі для маладых паэтаў. Вельмi падрабязна на старонках часопiса тлумачыў менш адукаваным сучаснiкам навуку складання вершаваных радкоў.
У рэдакцыйных аглядах звычайна пералiчвалi ўсе прозвiшчы даслаўшых вершы. Дзялiлi дапiсчыкаў па катэгорыях: тыя, якiя наогул не вартыя разгляду, тыя, хто што-небудзь да зразумеў у вершаванай справе, i тыя, чые творы маюць шанец трапiць на друкаваныя старонкi.
Для асабiстых адказаў iснавала рубрыка «Паштовая скрынка». Штонумар у ёй выходзiлi даволi жорсткiя адказы на запыты наiўных у сваёй неадукаванасцi, але надзвычай настойлiвых у патрабаваннях радкагонаў.
К. Шкiру. Цiкавы сюжэт вашага апавядання «з мiнулага» зусiм не распрацаваны. Бадай што (вiдаць з апавядання) вам справiцца з гэтаю працаю пакуль што цяжка. Друкавацца не будзе.
А. Сечку. Вы просiце, каб надрукавалi ваш партрэт. Няма нiякае нi прычыны, нi патрэбы рабiць гэта. Што-ж да вашых вершаў, дык яны нiчым асаблiвым не вызначаюцца. Вы трохi заўладалi тэхнiкай вершу, але што-ж, калi нiчога вашага ў вашых вершах няма. Пра месяц, пра вечар, пра вербы над рэчкаю сотнi аўтараў лепш пiшуць за вас, ды i то няцiкава чытаць. Трэба вучыцца пiсаць «па-свойму», сапраўдны паэт мае сваё «я» ў кожнай рэчы.
Аляксандраву Сьцяпану. Практыка паказала, што вам мусiць трэба пакiнуць пiсаць вершы.
«Чырвоны сейбiт» iснаваў больш за два гады. Усяго выйшлi 32 нумары. У адрозненне ад iншых лiтаратурна-мастацкiх часопiсаў 20 — 30‑х гадоў ХХ стагоддзя, ён быў у першую чаргу разлiчаны на вясковую моладзь. Са сваiмi галоўнымi мэтамi — шукаць таленты на сяле ды несцi асвету недастаткова пiсьменным, але амбiцыйным юнакам — ён спраўляўся. З цягам часу сапраўдныя зорачкi, якiя запалiў «Чырвоны сейбiт», траплялi на старонкi вядомых лiтаратурных часопiсаў «Маладняк» i «Узвышша».
Тым часам рэалii сацыялiстычнага будаўнiцтва патрабавалi вырашэння новых задач, якiя рэдакцыя ставiла перад селькарамi. Мода на энтузiястаў-дапiсчыкаў прайшла.



