«Купiць зямлю — купiць не лыка…» Столыпинская аграрная реформа глазами Якуба Коласа
Зямля не зменiць i не здрадзiць, Зямля паможа i дарадзiць, Зямля дасць волi, дасць i сiлы, Зямля паслужыць да магiлы, ...

Зямля не зменiць i не здрадзiць, Зямля паможа i дарадзiць, Зямля дасць волi, дасць i сiлы, Зямля паслужыць да магiлы, Зямля дзяцей тваiх не кiне, Зямля — аснова ўсёй айчыне.
З якiм запалам i прагненнем 120 гадоў таму беларускiя сяляне iмкнулiся да ўласнай зямлi, лепш за Якуба Коласа, пэўна, i не распавядзеш. Сталыпiнская аграрная рэформа, галоўны дакумент якой быў падпiсаны ў лiстападзе 1906 года, выклiкала на вёсцы шок — магчыма, большы, чым адмена ў 1861 годзе прыгоннага права. Знакамiтая коласаўская паэма «Новая зямля» фармальна распавядала пра перажытае героямi на мяжы XIX i XX стагоддзяў, але стваралася яна ў самыя гарачыя гады сталыпiнскай рэформы. Першыя раздзелы ўбачылi свет менавiта тады, калi ўжо можна было не толькі паразважаць аб перспектывах аграрнай палiтыкi ў Расiйскай iмперыi, але i на справе суаднесцi, з чым тэорыя аб дабрабыце сялянства сутыкалася на практыцы.
Дастаткова ўплесцi вершаваныя коласаўскiя радкi пра двух братоў Мiхала i Антося, бацьку i дзядзьку паэта, шукаючых шчасця на фоне рэальных гiстарычных падзей, як перад вачыма шэрага пакаленняў паўстане жывое сведчанне сялянскага быцця сучаснiкаў сталыпiнскай рэформы…

1909 год. Размеркаванне новаўтвораных хутароў паміж домагаспадарамі ў вёсцы Белінок Гродзенскай губерні. Свая зямля, свая пасада!.. Цi ёсць мацнейшая прынада? На працягу стагоддзяў зямля заставалася галоўным сродкам выжывання i сiмвалам уласнай свабоды. Рэформа 1861 года вызвалiла сялян ад прыгону, але пакiнула лепшыя землi ў валоданнi памешчыкаў. У вёсках паўсюдна адчувалi сябе падманутымi, бо па-ранейшаму пакутавалi ад малазямелля альбо поўнага беззямелля. Некаторыя сяляне нават добрым словам узгадвалi часы прыгону, калi той-сёй дбайны пан яшчэ i клапацiўся аб дабрабыце ўласных халопаў. Змянiўшая прыгонны лад на большай частцы Расiйскай iмперыi сялянская абшчына вырашала бягучыя пытаннi, але не магла даць галоўнага — досыць зямлi. Нават тая, што мелася ў абшчыне, штогод дзялiлася памiж сялянамi на яшчэ больш дробныя кавалкi. Таму мары аб вялiкiх памерах уласнай зямлi не давалi cпакою працавiтым гаспадарам. Я б сам быў рады Не ведаць крыўды той i здрады, Што просты люд нясе вякамi Сваiмi ўласнымi гарбамi. Ды горкай праўды не схаваеш, Яе нiяк не ашукаеш. Эканомiка тагачаснай беларускай вёскi трымалася на цяжкай, знясiльваючай працы ад свiтання да змяркання. Гаспадарка мела пераважна натуральны характар: усё, што сям'я спажывала — цi то звычайная ежа, цi то штодзённае адзенне, а нават i прылады працы, — стваралася ўласнымi рукамi. Мiж тым капiталiзм, якi ўсё болей набiраў моц, бязлiтасна руйнаваў архаiчныя традыцыi. Сталыпiнская аграрная рэформа планавала пашырыць сялянскiя магчымасцi набываць зямлю ва ўласнасць. Ды толькi вось дзе закавыка: Купiць зямлю — купiць не лыка, Тут грошы трэба — i не сотка... Эх, брат, рука, рука каротка!

Новыя часы патрабавалi грошай, якiх ва ўмовах натуральнай гаспадаркi катастрафiчна не хапала. Зарабiць iх можна было ў горадзе, дзе капiталiзм з яго таварна-грашовымi адносiнамi рухаўся хутчэй. Горад вабiў магчымасцямi, асаблiва для маладых сялян, якiя паступова страчвалi надзеi аб вясковых перспектывах. Для тых, хто вырашаў усё ж застацца на вёсцы i дамагчыся ўласнай зямлi, горад пераўтвараўся ў распачлiвую неабходнасць, дзе трэба было вырашаць шматлiкiя адмiнiстратыўныя пытаннi. Як гэта было на самой справе, яскрава сведчыць падарожжа ў Вiльню, якое стала вялiкiм выпрабаваннем для дзядзькi Антося. Дасцiпны i працавiты на вёсцы, ён у буйным месце марыў аб тым, каб не згубiцца сярод абступаючых навокал няўтульных камянiц i незнаёмых людзей. Iдзе народ, як хвалi мора, Як хмары ў небе на прасторы, Адны другiм усе чужыя. Iдуць старыя i малыя, Iдуць, шнуруюць чарадою, Заняты кожны сам сабою. I дзядзька з гэтым людам злiўся, Як зерне ў зернях, загубiўся. Тым, хто вырашыў зрабiць першы крок да ўласнага надзелу, дзяржава прапанавала грашовую пазыку. Менавiта дзеля гэтай мэты быў створаны Сялянскi пазямельны банк. Але для малапiсьменнага простага чалавека магчымасць набыць зямлю праз спецыяльныя дзяржаўныя ўстановы пераўтварылася ў надзвычай складаны бюракратычны працэс, дзе буяла карупцыя. Эх, мiлы мой ты! за панамi Няма прадыху. Хто з грашамi I мажа збоку, — той i едзе, Так вось i робiцца, суседзе. Нават сёння вырашэнне некаторых банкаўскiх пытанняў патрабуе ад звычайнага чалавека сёй-той падрыхтоўкi або дапамогi спецыялiста, якi цярплiва растлумачыць абавязковыя фармальнасцi. А дастаткова ўбачыць банкаўскiя працэдуры, дакументы i чыноўнiкаў вачыма дзядзькi Антося, каб зразумець: для сялянства пачатку мiнулага стагоддзя гэта было чужым, варожым i незразумелым светам. А там, за доўгiмi сталамi, У стол уткнуўшыся насамi, Сядзяць пiсцы, як гною кучкi, Скрыпяць iх пёрцы, ходзяць ручкi, Трашчаць, як конiкi на сене Цi тыя шашалi ў палене, — Заняты кожны сваiм дзелам. На сучасных беларускiх землях аграрная рэформа мела свае асаблiвасцi. Яе iнiцыятар i тагачасны прэм'ер Расiйскай iмперыi Пётр Сталыпiн некаторы час быў губернатарам Гродзенскай губернi. Яго нашчадкi ўзгадвалi гэтыя моманты жыцця як адны з самых шчаслiвых. Сталыпiн, аграном па адукацыi, апынуўшыся ўдалечыні ад сталiчнай мiтуснi, сур'ёзна зацiкавiўся вопытам вядзення прыватных гаспадарак у заходнiх губернях. Яго назiраннi таксама былi пакладзены ў падмурак агульнарасiйскай аграрнай рэформы.
У адрозненне ад большай часткi iмперыi, на захадзе Беларусi (Вiленская, Гродзенская i Мiнская губернi) гiстарычна было больш распаўсюджана падворнае, а не абшчыннае землекарыстанне (Магiлёўская i Вiцебская губернi). Першае больш адпавядала патрабаванням капiталiстычных адносiн. Тым не менш сяляне заставалiся эканамiчна i сацыяльна залежнымi ад буйных землеўладальнiкаў i iх прыслужнiкаў. Пакутавалi ад недахопу добрай зямлi, але ментальна былi больш падрыхтаваны для вядзення асабiстай гаспадаркi. Галоўны герой коласаўскай паэмы Мiхал менавiта такi. Прытулак свой, куток уласны; Такi ён мiлы быў i красны, Што наш Мiхал там жыў душою, Не знаў улады над сабою, Апроч зямельнай той улады. Але рэформа Сталыпiна для гэткiх працавiтых сялян апынулася сапраўднай пасткай. Яна намалявала надзею, абудзiла ў iх прыватнага ўласнiка, але не стварыла дастаткова эканамiчных, палiтычных i грамадскiх умоў дзеля дасягнення мэты. Новая капiталiстычная рэчаiснасць ператварыла светлую мару ў цяжкае сацыяльнае выпрабаванне. Мiхал станоўка, ненарокам Iшоў да мэты крок за крокам. Ён паскупеў i нават значна. Што ж? лепей зʼесцi не так смачна, Загнаць запас на хлеб, на сала, Абы капейка перапала, I лiшнi выгадаць рубель Ды палажыць яго ў кашэль. Таварна-грашовыя адносiны, якiя ўсё больш актыўна ўсталёўвалiся на вёсцы, выклiкалi працэс расслаення сярод сялянства. Вылучалiся больш заможныя гаспадары (кулакi), якiя маглi прадаваць зямлю цi пазычаць грошы ў доўг, i беднякi. I я — скажу вам па сумленню — Больш к гандлю маю нахiленне. Дык вось чаму я, ягамосцi, Мае вы мiленькiя госцi, I прадаю сваю пасаду… Без усялякага смутку аб страце добрага, але апошнiм часам зусiм недагледжанага надзелу кажа Фядос Хадыка, да якога на агледзiны зямлi прыехалi браты Мiхал з Антонам.
Сацыяльна-эканамiчная сiтуацыя ў Расiйскай iмперыi на пераломе стагоддзяў патрабавала кардынальных змен. Насельнiцтва дзяржавы расло хуткiмi тэмпамi, асаблiва на сяле, а працаўладкаваць здольную моладзь не было дзе. Рэвалюцыя 1905 года вымушала прыспешыць аграрныя рэформы, да якiх яшчэ не склалася дастаткова спрыяльных умоў. Стары патрыярхальны лад непазбежна руйнаваўся, а новыя грамадскiя адносiны патрабавалi ад чалавека альбо мець грошы i зямлю, альбо заставацца ў вечнай кабале. Як часта мы пад крыжам мукi Ў тамленнi духу ўзносiм рукi I вочы, поўныя гарэння, I прагнем мiгу вызвалення! Шчаслiвы мiг, бо палi путы! Канец — i нейкi круг замкнуты… Дзякуючы выдатнай паэме Коласа мы i сёння можам адчуць тагачасныя сялянскiя выпрабаваннi не праз сухiя эканамiчныя факты, а праз глыбокую псiхалагiчную драму адной сям'i, якая спрабуе вырвацца з цiскоў арэнднага бяспраўя. Трагiчны фiнал паэмы — смерць Мiхала да таго, як дакументы на зямлю былi канчаткова падпiсаны, — сiмвалiзуе, наколькi складаным i часта непасiльным быў шлях беларускага селянiна да сваёй эканамiчнай i асабiстай свабоды ў тыя гiстарычныя часы, калi да з'яўлення нацыянальнай дзяржавы заставалiся лiчаныя гады.
* * *
Па падлiках гiсторыкаў, усяго за гады Сталыпінскай аграрнай рэформы на хутары i адрубы на Беларусi перайшла восьмая частка сялянскiх гаспадарак (каля 12 — 13 працэнтаў). За дзесяць гадоў пераўтварэнняў у пяцi заходнiх губернях было створана 12,8 тысячы хутароў. Гэта даволi значная колькасць у суадносiнах з iншымi рэгiёнамi iмперыi. Адначасова праводзiлася перасяленчая палiтыка. Так, за 1906 — 1914 гады з пяцi заходнiх губерняў у глыб Расii перасялiлася 368 тысяч чалавек, каля 11 працэнтаў з iх вярнулася назад.



