суббота, 7 ноября 2026 г.Москва
Eurasian Information AgencyЕвразийское информационное агентство Global Media Group
Культура

Какими традициями и песнями живет Калинковичский район? Узнайте в десятом выпуске проекта «Галасы вёсак»

Як у Калiнкавiцкiм раёне выклікаюць дождж i навошта на вяселле прыносяць ёлку Калiнкавiччына для большасцi асацыiруецца з вёскай Юравiчы, дзе знаходзiцца ...

Опубликовано
Какими традициями и песнями живет Калинковичский район? Узнайте в десятом выпуске проекта «Галасы вёсак»

Як у Калiнкавiцкiм раёне выклікаюць дождж i навошта на вяселле прыносяць ёлку

Калiнкавiччына для большасцi асацыiруецца з вёскай Юравiчы, дзе знаходзiцца адна з самых старажытных стаянак першабытнага чалавека на тэрыторыi Беларусi. Тут, каля падножжа ледавiка, нашы продкi краманьёнцы палiлi свае кастры больш за 26 тысяч гадоў таму. Але велiч гэтага краю не вымяраецца аднымi раскопкамi i старажытнымi мурамi былога езуiцкага калегiума. Яна жыве ў тых, хто дагэтуль надзявае на голае цела палатняныя кашулi i выходзiць з плугам на дарогу, каб выклiкаць дождж. Хто ставiць вячэру для памерлых на Дзяды. Хто на вяселле прыносiць ёлку, каб атрымаць за яе выкуп, i звязвае свечкi, упрыгожаныя каласкамi i калiнай. Гэтыя звычаi не застылi ў музеях. Яны жывуць у хатах, на падворках, у песнях, якiя гучаць так, як гучалi сто гадоў таму. Мы прыехалi ў Калiнкавiцкi раён, каб пачуць iх з першых вуснаў. ВЁСКА ВЯЛIКIЯ АЎЦЮКI Вячэра на Дзяды У Вялiкiх Аўцюках iснуе фальклорны ансамбль «Аўцюкоўскiя гаспадынi» пад кiраўнiцтвам Iрыны Марару. У яго складзе Алена Баравiк, Валянцiна Варабей, Маруся Лышчанка, Любоў Зайцава, Галiна Шамянок i Ганна Буцэнка. Тут, як i ў суседнiх вёсках, памятаюць свае звычаi i берагуць iх так, як бераглi продкi.

Фальклорны ансамбль «Аўцюкоўскiя гаспадынi».
Фальклорны ансамбль «Аўцюкоўскiя гаспадынi».

Адзiн з самых важных дзён у лiстападзе — Дзяды. У Вялiкiх Аўцюках iх святкуюць у суботу, але сапраўдная падрыхтоўка пачынаецца ўжо ў пятнiцу, калi ў хаце ставяць вячэру для тых, каго ўжо няма. Галоўнае на гэтым стале — канун: крышаны хлеб, цукар i свянцоная вада. Побач з талеркай кладуць лыжкi па колькасцi памерлых.

Калi на небе ўзыходзiць першая зорка, у хаце запальваюць свечку. Чытаюць малiтву, пералiчваюць родных. I тады бяруць канун тры разы. Пасля вячэры кладуцца спаць. Але стол не прыбiраюць. Ён стаiць да ранку для тых, хто прыйшоў.

На ранiцу ўся сям'я iдзе ў царкву. Пасля службы — на могiлкi, да родных. А потым вяртаюцца дадому i садзяцца за стол.

— У другiх сёлах, калi пакойнiка вязуць, перад iм iкону нясуць. У нас нясуць крыж, — падкрэслiвае Любоў Зайцава. — Ён спакон вякоў. Як не было царквы, так жанчыны старыя гэты крыж хранiлi ў сябе дома. Калi памрэ чалавек, мужчына абавязкова iдзе ў тую хату, забiрае крыж, прыносiць у хату пакойнiка i ставiць на кут.

Стружку з дошак, з якiх рабiлi труну, спальвалi. Спальвалi i посцiлкi, прасцiны, на якiх рыхтавалi ў апошнi шлях нябожчыка.

— Спальвалi iменна на перакрыжаваннi дарог. Бо колiсь былi такiя бабы, што прыробвалi, — тлумачыць Любоў Мiхайлаўна.

Калi вярталiся з могiлак, родныя павiнны былi ўзяць ручнiк, хлеб i выйсцi на браму, каб запрасiць памерлых паабедаць. Гэты хлеб клалi на комiн. А праз 40 дзён яго аддавалi жывёле. Калi неба доўга маўчыць Бывае, што зямля сохне, а неба стаiць бясхмарнае. Тады ў Вялiкiх Аўцюках не сядзяць склаўшы рукi. Жанчыны надзяваюць на голае цела старадаўнiя доўгiя палатняныя кашулi («паўтарачкi»), бяруць у рукi плуг i выходзяць на дарогу. Iдуць па ёй туды i назад тры разы, каб выклiкаць дождж. I, кажуць, неба чуе. Гэты звычай жывы дагэтуль, iм карыстаюцца. Свахi абменьвалiся свечкамi Вяселле ў Вялiкiх Аўцюках пачыналася, калi сваты прыходзiлi ў хату да маладой. Iх сустракалi песняй.

*** «Затупалi сiвыя конi на помосцi, Прыехалi, Манечка, ой твае госцi». «Замкнi-замкнi мяне, мамка, у камору, Каб ня ўзялi тыя госцiкi ой да з сабою». «Цi ж я цябе, мая донька, гадавала, Штоб я цябе ў камору ой замыкала?» «Цi ж я цябе, мая мамка, не гарую, Што ты даеш мяне замуж ой маладую, Маладую. Да й купi мне зязюленьку ой лугавую, Лугавую. Лугавая зязюленька ой будзе кукаваць, Будзе кукаваць. Будзе мяне, маладую, ой рана пабуждаць, Бо чужая мамка не пабудзiць, Толькi выйдзе на вулiцу ой да й пасудзiць, Да й пасудзiць: лянiвая, санлiвая ой чужое дзiця».

Хлопцы прыходзiлi з ёлкай, каб атрымаць за яе выкуп. Сват даваў спачатку мала — i яго ганьбiлi. А потым шчодра расплачваўся.

*** Наша ёлка барава У боры расла — шумела*, На стале стала — заззяла. На нашай ёлцы сем рагоў, За нашу ёлку — сем рублёў. Сват наш нехарошы, вазьмi свае грошы, Купi сабе мыла, умый сваё рыла, Каб жонка любiла, каб дзецi пазналi Да й бацькам назвалi. На нашай ёлцы сто рагоў, За нашу ёлку — сто рублёў. А ў нашага свата да й харошая хата, Печ яго пабялёна, Чэсць яго пахвалёна.

Асобны абрад — сустрэча свах. У суботу яны ехалi да маладой. Бралi свечкi, станавiлiся на ганку i абменьвалiся iмi. Потым свечкi звязвалi. I калi дзялiлi каравай, iх запальвалi. I заставалiся гэтыя свечкi ў маладых — як знак, што два роды злучылiся ў адзiн.

Свечкi ўпрыгожвалi па-рознаму: з боку жанiха — збожжавымi каласамi, з боку нявесты — галiнкамi калiны. I гэта было сiмвалiчна, бо ў Вялiкiх Аўцюках мужчын называюць каласкамi, а жанчын — калiнкамi.

*** Прыступi, сваха, да мяне. I ў цябе свяча, i ў мяне*. I ў цябе дзiця, i ў мяне. Да й знясом свячы да купы, Да звядом дзяцей да пары, Мiр з мiрам мiравалiся, Сваха з свахай цалавалiся, Да й на лютым марозе, На сонечным парозе.

Падарунак цешчы На вяселлi, калi ўжо ўсе нагулялiся i дайшло да падарункаў, устае мацi маладой, бярэ слова i ўрачыста так абвяшчае:
Падарунак цешчы На вяселлi, калi ўжо ўсе нагулялiся i дайшло да падарункаў, устае мацi маладой, бярэ слова i ўрачыста так абвяшчае:

— Дарым вам, маладыя, свiнню бу карову!

За сталом спачатку цiха, а потым хтосьцi не стрымаўся i хмыкнуў. I пайшло. Госцi пераглядаюцца, жанчыны ўсмiхаюцца ў хусткi, мужыкi штурхаюць адзiн аднаго пад стол. А малады стаiць збянтэжаны, не ведае, куды вочы падзець. Свiнню бу карову? Гэта як? Свiння — гэта свiння, карова — гэта карова. А тут — i тое, i другое, i яшчэ бык.

Назаўтра ўсе ўжо ведалi. I пачалося: «Ого, табе цёшча падарыла: свiнню, быка ды карову!» Адзiн сусед прыйдзе, руку пацiсне, а сам ледзь стрымлiваецца. Другi на вулiцы сустрэне: «Ну што, як там твая гаспадарка? Свiння не загубiлася?»

I так гэта ўсiх развесялiла, што пра падарунак гаварылi яшчэ доўга. А цешча толькi рукой махне i смяецца разам з усiмi. Але ж вяселле ўдалося! АГРАГАРАДОК ЗАЛАТУХА Свяча абаранiла сяло Свой стольны дзень ёсць у Залатусе — 28 жнiўня, Прачыстае Успенне Божай Мацеры. У гэты дзень праз вёску нясуць свячу-iкону i разам з ёй плыве памяць пра пакаленнi, якiя жылi тут да нас. Пра гэту традыцыю нам расказвае вакальны гурт «Залаты ўзрост» пад кiраўнiцтвам Эдуарда Кавальчука: Праскоўя Захарэнка, Людмiла Борсук, Марыя Кавальчук i Паўлiна Дзецiна.

Вакальны гурт «Залаты ўзрост».
Вакальны гурт «Залаты ўзрост».

— У даваенны час свяча-iкона знаходзiлася ў Васiлевiцкай царкве Мiкалая-свяцiцеля. На свята яе кожны год прыносiлi пешшу (12 кiламетраў) у вёску, насiлi ў кожны двор i затым неслi назад у царкву, — успамiнае Паўлiна Фёдараўна.

Свяча была абярэгам, якi пераходзiў з хаты ў хату. Разам з ёй пераходзiла i вера ў тое, што, пакуль яна тут, вёска будзе стаяць.

— Гаспадары да гэтага свята рыхтуюцца загадзя: чысцяць падворкi, прыбiраюць у хатах, чакаюць гасцей, — кажа суразмоўца. — Госцi едуць зблiзку i здалёку. Заўсёды ў гэты дзень шмат людзей. Настае час пераносу. З царквы прыязджае бацюшка, чытае малебен у хаце гаспадароў, дзе стаiць свяча. Затым арганiзоўваецца шэсце. Чатыры цнатлiвыя дзяўчаты нясуць свячу-iкону па палатне саматканым, па якiм кiдаюць кветкi.

*** Прачыстая, маць Божая, Кудою йшла дарогаю? Дарогаю шырокаю Цераз мора глыбокая Iшла яна рыдаючы, Свайго сына шукаючы, Да сустрэла тры ангела. «Тры ангела — тры святыя, Цi не чулi, цi ня бачылi Сына майго — Бога свайго?» Адзiн кажа: мы не чулi, Другi кажа: мы ня бачылi, Трэцi кажа: «Не тоймася, Сваiм грахом прызнаймася. Жыды Бога замучылi, На крэст ручкi разап'ялi*, У сэрца гвоздзi забiвалi*, Кроў святую пралiвалi». *Азначаныя радкi пяюцца двойчы.

— У час, пакуль свяча, нiбы сонейка, плыве над Залатухай, кожны iмкнецца тры разы падлезцi пад iкону, перад гэтым паклаўшы грошы да iконы, — працягвае сяльчанка. — Лiчыцца, што свяча з'яўляецца вясковым абярэгам. Падносяць свячу да дома новых гаспадароў, якiя будуць прымаць. Гаспадары (таго дома, дзе стаяла свяча, i новага) абменьваюцца хлебам-соллю. Тады свячу ўносяць у новы дом. У новым доме чытаецца малебен, асвячаецца ў двары вада.

Калi нясуць iкону-свячу, спяваюць мясцовыя старажытныя песнi.

*** Да жылi людзi, да неверныя, Да не верылi Госпаду Богу*, Да паверылi бязумнаму цмоку*, Да давалi дань вельмi вялiку*, Да на кожэнь дзень па чалавеку*, Да на гадзiне па малой дзяцiне*, Да прышла чарга да самога кроля, Ой, кроль-кролю, слаўны казача, Хоць сам iдзi, а не — дачку вядзi, Самому пайшоўшы — жывому не буцi, Дачку аддаўшы — жалю задацi. *Азначаныя радкi пяюцца двойчы.

— У час вайны, калi немцы акупiравалi тэрыторыю нашага раёна, жанчыны з гэтай свячой абышлi вёску. I гэта ўратавала: немцы яе не спалiлi. Спалiлi толькi адну хату, — дадае Паўлiна Фёдараўна.

На працягу года, пакуль свяча стаiць у хаце, гэтая хата робiцца маленькай царквой. Туды прыязджае бацюшка на кожнае свята. Брэлi вёску завялi У Залатусе вельмi распаўсюджана прозвiшча Брэль. Кажуць, што менавiта Брэлi i заснавалi вёску.

Ва ўрочышчы Дубова жыў ляснiк па прозвiшчы Брэль. Жыў спакойна, вёў сваю гаспадарку. Але аднойчы бяда прыйшла ў яго дом: шалёны воўк пакусаў жонку. Яна памерла, пакiнуўшы яго аднаго ў гэтым свеце. Доўга хадзiў мужык па лясах i балотах, шукаючы месца, дзе мог бы пачаць усё спачатку. I знайшоў высокае месца сярод багны. Там паставiў хату. Так i ўзнiкла вёска Залатуха.

У тым жа ўрочышчы жыў багаты хутаранiн, i меў ён дачку-прыгажуню. Батраком у яго быў хлопец, таксама прыгожы i працавiты. Яны пакахалi адно аднаго шчыра, усёй душой, як умеюць кахаць толькi маладыя. Але бацька не хацеў, каб дачка з батраком зналася. Тады стары вырашыў паехаць з гэтага месца. Закапаў ён залаты клад дзесьцi ў зямлi i сказаў дачцэ: можа, табе знойдзецца багаты жанiх, а потым вернемся. Але вяртання на ранейшае месца не адбылося. Дзяўчына сумавала, сохла ад разлукi, а бацька падабраў ёй багатага жанiха. Ад патэльнi нiхто не адыдзе! Восень у Залатусе пахне грыбамi, дымам з печы i тымi стравамi, якiя гатавалi толькi тут.

— Мамка варыла грыбную квасоўку, — прыгадвае Людмiла Борсук. — На расоле капусты або агурэчным варылiся грыбы (белыя ў большай часцi, прычым цэлыя) i варылiся паронкi. Потым рабiлася з гэтых паронак таўкушка. Мама ставiць здаровы чан з таўкушкай, плюс каждаму па мiсцы квасоўкi.

На выхадных у вёсцы абавязкова варылi гэтую квасоўку, аж пакуль не застанецца адна вяроўка ад грыбоў. А iх сушылi вельмi шмат на зiму!

— А мне помнiцца мачанка з канаплянага семенi, — дадае Паўлiна Дзецiна. — Таўклi канапляныя зёрнышкi i мачалi блiнамi. А студзень якi вясковы, а вiнегрэт! Боршчы розныя, кашы. На святы яны таксама былi. Кiселi на вяселлях былi, яечня, печаная ў мiсках у печы.

— Папа утром садзiцца, нацiрае на цёрку картошкi i тады ў печ, i на скавародцы здаровыя такiя блiны пякуць, — распавядае Людмiла Борсук. — Наслажываюць у стопку. Убiлi кабана, нажарылi свежыны, эту стопку блiноў на стол — макаем… Пака блiны не кончацца, ад этай скавародкi нiхто не атойдзе!

Было i больш нематэрыяльнае, без чаго нельга ўявiць вёску, — народная творчасць.

— Без песень сяло не жыло, — кажа Праскоўя Захарэнка. — Тады звiнела сяло на кожнай лаўцы, вечарамi ва ўсiх канцах песнi гучалi, настолькi было весела.

*** 1. Мене мацi нарадзiла, о-ё-ёй. Мене мацi нарадзiла, два гароды надзялiла. Прыспеў: Гуляю я, эх, гуляю я*. 2. Два гароды надзялiла, о-ё-ёй. Два гароды надзялiла, адна дыня ўрадзiла. 3. Ох, паеду прадавацi, я й паеду прадавацi. Ой, паеду прадавацi, ды не знаю што казацi. 4. Пакуль людзi цэну склалi**, А цыгане дыню ўкралi. 5. Ой, цыгане, добры людзi**, Дома мне за гэта будзе. *Прыспеў спяваецца пасля кожнага куплета. **Азначаныя радкi паўтараюць тройчы.

Залатушскi слоўнiк ♦ Гуракi — хмары.

♦ Заступ — лапата.

♦ Кумлата — пакой.

♦ Сыракваша — прастакваша.

♦ Порацца — даглядаць жывёлу.

♦ Пуляняты — кураняты.

♦ Хеўра — кампанiя, некалькi людзей. АГРАГАРАДОК СЫРОД Вясковая мода i бульбяное спаборнiцтва Клаўдзiя Андрэеўна Абiбок сустракае нас па-гаспадарску. Яна памятае час, калi жыццё ў Сыродзе трымалася на зямлi, на працы i на тым простым уменнi рабiць прыгожае з таго, што было пад рукой.

— Асноўны прадукт для селянiна ва ўсе часы — бульба, — расказвае суразмоўца за сталом. — Ад таго, якi ўраджай сабярэ гаспадар, залежаў быт сям'i. Спаборнiцтваў не было, хто першы скапае. Але кожны стараўся скапаць як мага хутчэй. Бо лiчылася, што гэта руплiвыя гаспадары.

Выходзiлi на поле ўсiмi сем'ямi, ад малога да вялiкага. I калi поле было ўбрана, надыходзiў час дакопiн — свята, на якiм кожны хвалiўся сваiм ураджаем.

Стольнае свята ў Сыродзе — Параскiмка, у гонар святой Параскевы, якое адзначаецца 10 снежня. Да яго рыхтавалiся ў кожнай хаце, як да самага важнага дня. Мылi, чысцiлi, гатавалi, чакалi гасцей. I гэтая падрыхтоўка была не менш важная за само свята, бо ў ёй была павага да звычаяў.

*** Па-над лугам зеляненькiм* Брала ўдава лён драбненькi. Яна брала-выбiрала*, Тонкi голас падавала. Там Васiлю сена косiць*, Тонкi голас пераносiць. Кiнуў косу да доленьку*, А сам пашоў да доманьку: «Пазволь, мацi, удаву брацi*, Я не буду пiць-гуляцi». — «Не пазволю ўдаву брацi*, Яна ўмее чаравацi. Зчаравала сына майго*, Зчаравала мужа свайго»*. — «А я чараў не баюся* Да й на ўдоўцы ажанюся». *Азначаныя радкi спяваюць двойчы.

За модай у вёсцы не гналiся, але хацелi выглядаць прыгожа. I рабiлi гэта так, як умелi, з таго, што было пад рукой.

— Былi ў модзе шыньёны, — успамiнае Клаўдзiя Андрэеўна. — А дзе тых валасоў натуральных набрацца? Рабiлi з конскай грывы. Прыехаў к нам Абраша (стары яўрэй, пахаў у нас зямлю навек) у Сырод. Пакуль абедалi, сястра кажа: «Давай у Абрашынага каня назразаем сабе на шыньён». А гэту грыву трэба было доўга вельмi варыць, яна была цупкая. А потым яго накручвалi i шлi ў клуб.

Клаўдзiя Абiбок.
Клаўдзiя Абiбок.

Цiкава было пачуць ад суразмоўцы i пра тагачасны мэйкап:

— Звычайны карандаш спартакаўскi, якiм мы малявалi, ён жа цвёрды. Мы страгалi мыла, капалi вадзiчкi i ўстаўлялi карандаш. Ён там раскiсаў нейкiм чынам. Мама ўсё казала: «Што ты бровы накрасiла, як хто возам праехаў».

Вусны фарбавалi тымi ж алоўкамi фабрыкi «Спартак». А завушнiцы рабiлi з таго, што расло на кусцiку цi на дрэўцы.

— А яшчэ рабiлi ж цэлыя камплекты. Вельмi прыгожыя бусы з рабiны i такiя ж рабiлi завушнiцкi.

Клаўдзiя Андрэеўна ў маладым узросце выйшла замуж i пераехала ў суседнюю вёску. Здавалася б, пяць кiламетраў — не такая ўжо i далёкая дарога. Але для вясковага жыцця гэта была мяжа, за якой пачынаўся iншы свет, са сваёй мовай i звычкамi.

— Побач, праз 5 кiламетраў, вёска Гулевiчы, куды я пайшла замуж. Там свой дыялект. Напрыклад, у Сыродзе не казалi «мыло», «кабула», «сало», «мамо». У Сыродзе (у гаворцы людзей паважанага ўзросту. — Заўв. рэд.) «ль» амаль не iснавала — было «л»: палцы, смярцелнае.

*** Сiня морушка глыбока, Не вiдаць у моры дна. Выйшла замуж у край далёкi, Да й завяла, як трава. Выйдзi, мамачка, паслухай Рана-рана на зары: Цi не твая донька плача У чужой дальняй старане? Нi таго я, мамка, плачу, Што чужая старана, А таго я, мамка, плачу, Прайшла моладасць мая.

— Песень, у якiх было шмат слупкоў, мацi не любiла. Так i казала: «Я не люблю гэтую песню — яна доўгая, як вяроўка», — усмiхаецца гаспадыня. Як казала мацi… ♦ Гатова доч папова — калi штосьцi зроблена.

♦ Нi паўзе нi лезе — яшчэ малы.

♦ Нi серага нi белага — нi на што не варты.

Так заканчваецца наша вандроўка па Калiнкавiччыне. Мы запiсалi гэтыя галасы, каб яны не знiклi, каб i праз гады можна было пачуць, як у Вялiкiх Аўцюках запрашаюць памерлых да стала, як у Сыродзе рабiлi шыньёны з конскай грывы, а ў Залатусе няслi свячу праз усю вёску. Праект «Галасы вёсак» працягваецца. А мы чакаем вашых запрашэнняў, бо Беларусь вялiкая — i галасоў, вартых таго, каб iх пачулi, яшчэ шмат!

grudnitskiy@sb.by

Слухайце галасы вёсак! Нагадваем, што ў нас ёсць ТыкТок, дзе мы публікуем відэа з песнямі ў арыгінальным выкананні. Далучайцеся! @galasyvesak

Источник: СБ. Беларусь сегодня ↗

Поделиться

По теме

Мода как дипломатия: в Русском доме в Минске прошла презентация EIA GMG и вечер стиля и женских инициатив
КультураМода как дипломатия: в Русском доме в Минске прошла презентация EIA GMG и вечер стиля и женских инициатив

Минск стал точкой притяжения для мира моды, медиа и общественной дипломатии. В пространстве Русского дома — Российского центра науки и культуры — состоялась презентация Евразийского информационного агентства Global Media Group (EIA GMG).

EIA Staff
Ушла из жизни художник Катя Белявская
КультураУшла из жизни художник Катя Белявская

Из-под Звенигорода пришла страшная новость – ушла из жизни Катя Белявская, чье имя в списке ста лучших современных художников России, а работы хранятся во многих коллекциях нашей страны и мира

МК
Shortparis выпустили альбом после смерти лидера группы
КультураShortparis выпустили альбом после смерти лидера группы

Участники группы Shortparis выпустили альбом «Илиада» без своего лидера и основного автора Николая Комягина

МК
Брифинг EIA

Продолжайте читать каждое утро.

Истории, которые важны, отобранные нашими редакторами и в вашем почтовом ящике до 7 утра — каждый будний день.

Без спама. Отписаться можно в любой момент.