Аналитик БИСИ: льноводство может быть высокомаржинальным и прибыльным
Вопыт iльнаводаў з Ляхавiчаў i Пружан паказвае, што галiна можа быць высокамаржынальнай i прыбытковай Развiццё ў Беларусi льняной галiны заўсёды было ...

Вопыт iльнаводаў з Ляхавiчаў i Пружан паказвае, што галiна можа быць высокамаржынальнай i прыбытковай
Развiццё ў Беларусi льняной галiны заўсёды было адным з дзяржаўных прыярытэтаў, што яшчэ раз яскрава падкрэслiў Прэзiдэнт краiны падчас рабочай паездкi на Аршанскi льнокамбiнат. Сапраў ды, лён для беларусаў — больш чым сельскагаспадарчая культура. Ён уплецены не толькi ў нашу эканомiку, але i культуру, традыцыi, нават дзяржаўны герб.

Яшчэ з часоў ВКЛ лён быў адным з галоўных экспартных тавараў, якi пераважна пастаўляўся на рынкi еўрапейскiх краiн. На той момант не было магчымасцей для глыбокай апрацоўкi i бялення, а сама вытворчасць была пераважна ручной i малапрадукцыйнай. Аднак менавiта гэтая традыцыя стварыла тую культурную аснову, на якой пазней пачало развiвацца прамысловае льнаводства.
У савецкi перыяд ва ўмовах планавай эканомiкi ў БССР як часткi народнагаспадарчага комплексу СССР была створана разгалiнаваная сетка льнозаводаў, якая забяспечвала сыравiнай буйныя тэкстыльныя прадпрыемствы Саюза, перш за ўсё Аршанскi льнокамбiнат.
У 1990‑я галiна сутыкнулася з аб'ектыўным крызiсам: разрыў гаспадарчых сувязей, страта рынкаў збыту i тэхналагiчнае адставанне. Як адзначалася падчас прэзiдэнтскай нарады, з 15 льнокамбiнатаў былога СССР цяпер працуе толькi адзiн — у Беларусi. На Брэстчыне з пяцi льнозаводаў засталiся два: спынiлi дзейнасць суб'екты гаспадарання ў Пiнску, Iвацэвiчах i Кобрыне. Сёння паспяхова працуюць Ляхавiцкi i Пружанскi льнозаводы. Толькi па вынiках дзевяцi месяцаў 2026 года iх сукупны прыбытак склаў больш за 18 мiльёнаў рублёў: Ляхавiцкага — 6 мiльёнаў, Пружанскага — 12 мiльёнаў рублёў. Улiчваючы розную ступень паспяховасцi льнозаводаў па краiне, вопыт Брэстчыны ўяўляе асаблiвую цiкавасць. Эканомiка гэтых прадпрыемстваў грунтуецца на дзейснай стратэгii развiцця.
Па-першае, пашырэнне ўласнай сыравiннай базы, тэхналагiчныя рэгламенты i механiзацыя вытворчасцi. Хацеў бы акцэнтаваць асаблiвую ўвагу, што толькi своечасовасць i высокая якасць усяго комплексу работ па вырошчваннi культуры дазваляюць аграрыям атрымаць прыбытак. Разам з гэтым патрабуецца i арганiзацыя складанага севазвароту: на адным i тым жа месцы лён можна саджаць толькi праз 6 — 7 гадоў.
У сваёй большасцi для сельскагаспадарчых арганiзацый гэта з'яўляецца не толькi складаным, але i высокарызыкоўным вiдам дзейнасцi. Напрыклад, у пачатку 1990‑х Ляхавiцкi завод пачынаў з 30 гектараў, а цяпер павялiчыў уласныя плошчы да 2200, а з улiкам зямель Баранавiцкага аграсэрвiсу i Ляхавiцкай мiжраённай ільнонасеннястанцыi агульная сыравiнная зона прадпрыемства дасягнула 3000 гектараў.
Стаўка робiцца i на якасны насенны фонд з сартоў айчыннай i замежнай селекцыi, якiя ўстойлiвыя да палягання i дазваляюць забеспечваць большую долю доўгага льновалакна (яно значна даражэйшае за кароткае). Таксама важную ролю адыгрывае наяўнасць i эфектыўнае выкарыстанне аўтапарку сельгастэхнiкi.
Па-другое, поспех iльнозаводаў немагчымы без своечасовага абнаўлення тэхналагiчных магутнасцей з акцэнтам на глыбокую перапрацоўку. Напрыклад, мадэрнiзацыя Ляхавiцкага льнозавода ў пачатку 2010‑х дазволiла павялiчыць вытворчасць iльновалакна ў тры разы — з 5 да 15 тысяч тон. Вопыт выкарыстаны пры правядзеннi аналагiчных работ яшчэ на шасцi прадпрыемствах.
Паступова вырашаецца пытанне забеспячэння практычна безадходнай вытворчасцi. У 2021 годзе ў Ляхавiчах запусцiлi цэх па вытворчасцi льнянога алею i асвоiлi выпуск кастрабрыкетаў — экалагiчнага цвёрдага палiва з кастры.
Сапраўдным крокам наперад стала асваенне ў 2024 годзе ў Ляхавiчах выпуску катанiзаванага льну. Катанiзацыя — гэта складаны працэс, падчас якога з кароткага льнянога валакна атрымлiваюць бавоўнападобную масу. Сама тэхналогiя створана яшчэ ў сярэдзiне мiнулага стагоддзя, аднак у сувязi з модай на сiнтэтычную вопратку доўгi час не была запатрабаванай.
Праект рэалiзаваны сумесна з кiтайскiмi партнёрамi. Яго вынiкi, з аднаго боку, дазваляюць атрымлiваць высакаякасную, запатрабаваную на рынках прадукцыю, а з iншага — эфектыўна выкарыстоўваць кароткое валакно.
Па-трэцяе, гэта работа з кадрамi i сiстэмная падрыхтоўка спецыялiстаў. Для абслугоўвання сучасных тэхналагiчных лiнiй патрабуюцца спецыялiсты, якiя спалучаюць iнжынерную падрыхтоўку з практычнымi навыкамi наладкi складанага абсталявання. Эфектыўная эканомiка прадпрыемстваў i прадуманая кадравая палiтыка даюць магчымасць забяспечваць годныя ўмовы працы i высокiя заробкi.
Вопыт iльнаводаў з Ляхавiчаў i Пружан паказвае, што галiна можа быць высокамаржынальнай i прыбытковай. Галоўнае — адысцi ад спажывецкага стаўлення да сыравiны i пабудаваць поўны вытворчы цыкл: ад вырошчвання культуры да выпуску гатовай прадукцыi. Прыклад Брэстчыны дэманструе: дзяржаўная падтрымка разам з iнiцыятывай на месцах i стаўкай на сучасныя тэхналогii забяспечваюць жаданы вынiк i будуюць трывалую аснову для развiцця льнаводства, а значыць, умацоўваюць эканамiчны патэнцыял рэгiёна i краiны.
Сяргей ЖУК, аналiтык Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў, кандыдат гiстарычных навук

